«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм. акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.
М.Я.Сяменчык.
т. 11, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)